Падарожжа ў вёску Івесь
Каб любіць Беларусь…
Каб любіць Беларусь нашу мілую… трэба яе пазнаваць, вывучаць гісторыю, падарожнічаць па родных мясцінах, а яшчэ прыгожую і квітнеючую перадаць сваім нашчадкам!
У першыя сакавіцкія дні вучні 9 “А” класа адправіліся ў падарожжа ў вёску Івесь і яе наваколле. Каля дзіцячага аздараўленчага лагера “Крынічка” нас гасцінна сустрэла загадчык філіяла “Івесь” Валянціна Валянцінаўна Папок і прапанавала цікавую, пазнавальную экскурсію па славутых мясцінах азёрнага краю.
Пачалося наша падарожжа са знаёмства з культурным гісторыка-турыстычным цэнтрам, які быў адкрыты ў верасні 2006 года. Размясціўся ён у памяшканні былой канторы саўгаса “Івесь”. У гэтым жа будынку размясціліся клуб і бібліятэка. Кожны год тут ладзяцца абласныя і раённыя святы: “Купалле Паазер’я”, “Жаніцьба Цярэшкі”, раённыя агляды мастацкай самадзейнасці. Часткай культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра з’яўляецца помнік загінуўшым жыхарам вёсак Івесь, Хралы, Шо, Асінаўка, Завулак і магіла, у якой пахаваны безыменныя партызаны брыгады імя Кароткіна, якія загінулі ў час блакады ў маі 1944 года. Побач з магілай восенню 1990 года ў вёсцы быў устаноўлены помнік. На тэрыторыі цэнтра закладзена алея краін-удзельніц міжнароднага фестывалю “Магніфікат” і маецца знак “Цэнтр Еўропы”.
Валянціна Валянцінаўна паведаміла пра дахрысціянскі могільнік крывічоў. Расказала аб тым, як у 2012 годзе студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта правялі раскопкі на беразе возера Івесь і ўстанавілі, што пахаванні належаць плямёнам бронзавага веку. Мы даведаліся пра стары хрысціянскі могільнік, які знаходзіцца паблізу дахрысціянскага могільніка. Гэта шматлікія крыжы, высечаныя з камянёў. Таксама пра Царкавішча на ўзгорку на беразе возера Івесь. У басейне ракі Шоша, недалёка ад возера Шо, знаходзіцца азёрны заказнік “Белае”, створаны ў 1979 годзе з мэтай захавання эталоннага па чысціні возера і яго насельнікаў, асабліва баброў.
Вельмі крануў нас трагічны лёс вёскі Хралы і яе жыхароў. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы размяшчаўся штаб партызанскай брыгады імя Кароткіна.У красавіку 1944 года, у час блакады партызанскай зоны, вёска была поўнасцю спалена фашыстамі, а жыхары трапілі ў палон. Пасля вайны, хто застаўся жывы, вярнуліся і адбудавалі родную вёску!
Даведаліся мы і пра партызанскі аэрадром, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны абслугоўваў партызанскія брыгады імя Суворава, імя Кароткіна і “Кастрычнік”. А помнік партызанскім брыгадам імя Суворава і “Кастрычнік” знаходзіцца за 2 км на ўсход ад вёскі Вострава, у лесе, каля дарогі Вострава – Ліпава. Тут у Вялікую Айчынную вайну вяла баі супраць нямецка – фашысцкіх захопнікаў 1-я партызанская брыгада імя А.В..Суворава Вілейскага злучэння (камандзір П.А. Хомчанка, камісар М.Я. Усаў) . У 1964 годзе ў памяць аб гэтых баях і ў гонар партызанскай славы пастаўлена стэла.
Курган партызанскай славы ў памяць аб 1–й партызанскай брыгадзе імя А.В. Суворава і яе баявых дзеяннях, знаходзіцца ў лесе, за 2 км на ўсход ад вёскі Вострава. Тут у 1944 годзе партызанскі атрад імя Чкалава вытрымаў шматдзённыя жорсткія баі з ворагам, у некалькі разоў пераўзыходзячым па сіле партызан. Курган насыпаны рукамі былых партызан і іх нашчадкаў. На кургане вялікая каменная пліта на якой высечаны словы “Тут была ўтворана і вяла барацьбу з нямецка–фашысцкімі захопнікамі брыгада імя Суворава”.
Завіталі мы і на сядзібу “Краіна мар”. Добразычлівыя і гасцінныя гаспадары Вячаслаў і Аксана Лашкевічы з захапленнем расказалі пра сваіх “выхаванцаў” – коз. Пра тое, як Мілка і Зорка пакарылі сэрца гаспадыні. З іх з’яўленнем і пачалося “сырнае” жыццё! Нам прапанавалі пакаштаваць сыры з казінага малака і пабываць у “дзіцячым садку”, дзе падрастаюць маленькія козачкі.
Легенды і паданні наваколля Івесі распавёў Вячаслаў Канстанцінавіч Алексяёнак (былы кіраўнік турыстычнага гуртка, зараз загадчык гаспадаркі філіяла “Івесь”). Цікава было слухаць пра азёры Молена і Белае, пра месца каля возера Шо, якое рыбакі называюць Крыжы, пра даўжанскіх пачвар.
Два дні, праведзеныя ў Івесі, праляцелі як адно імгненне. Вялікі дзякуй вам, шчырыя, працавітыя, добрыя вясковыя людзі, за тое, што, дзякуючы вашай апантанасці і бязмежнай любові да родных мясцін мы мелі гонар і магчымасць з вамі пазнаёміцца і дакрануцца да гісторыі нашай Радзімы.
P.S. Перад самым ад’ездам мы любаваліся краявідамі возера Молена. Вясковы хлопец Андрэй вяртаўся з рыбалкі. Ён падышоў да нас, з усмешкай прывітаўся і паказаў улоў. Але не рыба (невялікія плотачкі) уразілі мяне. У адной руцэ хлопец трымаў вядро з рыбай , а ў другой - бляшаную баначку з недакуркамі. У той час мне стала зразумела, чаму вакол нас такая чысціня і прыгажосць!
Ніна Патроцына, класны кіраўнік 9 “А” класа



















